Белорусский государственный
технологический университет
Belarusian State Technological University
ОВРМ
Наука
7 ліпеня – Дзень нараджэння Янкі Купалы

 

Да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы

7 ліпеня 1882 года ў фальварку Вязынка пад Мінскам з'явіўся на свет Іван Дамінікавіч Луцэвіч (Янка Купала) - будучы класік беларускай і сусветнай літаратуры, народны паэт Беларусі, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч, акадэмік АН БССР.

 

Янка Купала – класік сусветнай і беларускай літаратуры, народны паэт Беларусі.

Сапраўднае імя Янкі Купалы – Іван Дамінікавіч Луцэвіч. Ён нарадзіўся 7 ліпеня 1882 г. (па новым стылі) у фальварку Вязынка Мінскага павета. Сям’я была шматдзетнай, часта пераязджала з месца на месца. Ясь, як старэйшы сын, быў галоўным памочнікам бацькі па гаспадарцы. З дзяцінства будучага паэта цікавіў беларускі фальклор. Даволі рана ён навучыўся чытаць, імкнуўся да ведаў. Шмат што хлопчык спасцігаў шляхам актыўнай самаадукацыі. З 1888 па 1890 г. вучыўся ў вандроўных настаўнікаў, займаўся ў Сенніцкім народным вучылішчы, у прыватнай падрыхтоўчай школе ў Мінску. Толькі ў 16-гадовым узросце змог скончыць поўны курс Бяларуцкага народнага вучылішча. Пасля смерці бацькі ў 1902 г. Ясю, каб пракарміць сям’ю, давялося на працягу шасці гадоў (1902-1908 гг.) не толькі працаваць на сваёй гаспадарцы, але таксама шукаць работу ў іншых месцах. Ён быў хатнім настаўнікам, прыказчыкам у панскім маёнтку, чорнарабочым, тры гады працаваў памочнікам вінакура на броварах. Да гэтага перыяду адносяцца першыя літаратурныя спробы.

Бюст Купалы на радзіме ў Вязынцы

Першыя вершы – сентыментальна-рамантычныя – былі напісаны па-польску (1902 г.). Але ў хуткім часе паэт усвядоміў, што толькі родная беларуская мова – тая стыхія, праз якую ён можа выказаць у поўным аб’ёме свае думкі і памкненні. Найбольш ранні з вядомых твораў маладога паэта Луцэвіча, напісаных па-беларуску, – «Мая доля», 1904 г., перадае псіхалагічнае самаадчуванне чалавека з народа, яго прыгнечанасць і зададзенасць жыццёвага шляху. 15 мая 1905 г. у мінскай газеце «Северо-Западный край» быў надрукаваны верш «Мужык» – першы апублікаваны твор паэта на беларускай мове. У ім закрануты тэмы чалавечай годнасці і самасцвярджэння працоўнага селяніна. З гэтага ж часу замест афіцыйнага імя – Іван Луцэвіч – літаратар пачаў ужываць псеўданім Янук Купала. Выбар такога літаратурнага імя звязаны з народным святам Купалля, пошукам чароўнай кветкі шчасця, што для паэта стала ўвасабленнем пошуку лепшай долі для народа, памкнення да светлай будучыні. У гэтыя гады створаны паэмы «Зімою», «Нікому», «Калека», «Адплата кахання», заснаваныя на рэальных фактах з жыцця беларускіх сялян, якія засведчылі схільнасць іх аўтара да рамантычна яркіх, выключных герояў і сітуацый, а таксама драматычная паэма «Адвечная песня» – апафеоз чалавечаму імкненню да шчасця.

У пачатку 1908 г. у Санкт-Пецярбургу ў беларускім выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выйшаў першы зборнік Я. Купалы – «Жалейка», дзе былі надрукаваны вершы 1905-1907 гг. і паэма «Адплата кахання». У гэтых лірычных творах у элегічнай форме выразна адлюстравана адвечная скарга селяніна на сваю цяжкую долю, выказаны памкненні народа і самога паэта як выразніка яго думак і пачуццяў. У 1908-1909 гг. Янка Купала жыў у Вільні, працаваў у рэдакцыі газеты «Наша ніва» і адначасова бібліятэкарам у прыватнай бібліятэцы. У гэты час ім напісаны паэмы «У Піліпаўку» і «За што?», сюжэты якіх – трагічныя здарэнні з жыцця беларускіх сялян. Летам 1912 г. адбылася сустрэча Янкі Купалы і Якуба Коласа. Дагэтуль яны асабіста знаёмыя не былі, хоць добра ведалі адзін аднаго па літаратурных творах. Знаёмства з часам перарасло ў сяброўства двух вялікіх майстроў слова.

Хатка, дзе паэт нарадзіўся

 

У 1910-1913 гг. былі створаны паэмы «На Куццю», «На Дзяды», «Яна і я», рамантычныя паэмы на фальклорнай аснове «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», драматычныя паэмы «Сон на кургане», «На папасе», дзе Купала выявіў сябе буйнейшым прадстаўніком нацыянальнага рамантызму. Ва ўсіх гэтых творах – глыбокі філасофскі роздум пра мінулае і будучыню роднага краю.

Пачаў працаваць Я. Купала і ў галіне драматургіі. Ужо першыя яго вопыты ў гэтым накірунку былі вельмі паспяховамі і сталі падмуркам беларускай нацыянальнай камедыі і драмы. У камедыі «Паўлінка», сцэнічным жарце «Прымакі» высмейваюцца дамастроеўскія асновы жыцця засцянковай шляхты. Разам з тым вобразы Паўлінкі і яе каханага Якіма ўвасабляюць сабой новыя перадавыя павевы ў жыцці вёскі.

З верасня 1915 г. знаходзіўся ў Маскве, дзе ўзяў шлюб з Уладзіславай Францаўнай Станкевіч. У хуткім часе быў прызваны ў армію. Служыў у Мінску, Полацку, Смаленску старшым рабочым у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін. Увесь 1918 г. Купала пражыў у Смаленску. У 1930 г. выдадзены зборнік вершаў Я. Купалы «Адцвітанне.

У час Вялікай Айчыннай вайны паэт жыў у Маскве, потым у пасёлку Пячышчы каля Казані. У вершах і публіцыстычных выступленнях заклікаў да барацьбы з нямецкімі акупантамі, выказваў упэўненасць у перамозе над ворагам. Артыкулы з яго подпісам змяшчаліся ў газетах «Правда», «Известия», «Красная звезда» і інш. Купала быў членам прэзідыума Усеславянскага антыфашысцкага камітэта, удзельнічаў у грамадскіх мерапрыемствах, прысвечаных барацьбе з захопнікамі. У чэрвені 1942 г. Я. Купала прыехаў у Маскву для ўдзелу ва ўрачыстасцях з нагоды яго 60-годдзя. 28 чэрвеня ён трагічна загінуў.

У 1962 г. урна з прахам паэта перавезена ў Мінск і пахавана на Вайсковых могілках.

Фэст у Вязынцы

Янка Купала пражыў няпростае жыццё, поўнае цяжкасцей і выпрабаванняў. Аднак яго высокія якасці як чалавека, грамадзяніна і творцы: сумленнасць, высакароднасць, гуманізм, любоў да свайго народа і Айчыны, вернасць вызначальнай ідэі ўсёй яго творчасці – нацыянальнаму, сацыяльнаму і духоўнаму разняволенню людзей, раскрытай на высокім мастацкім узроўні, заставаліся нязменнымі і неаспрэчнымі з цягам часу. Беларускі пясняр стаіць ў шэрагу тых вялікіх мастакоў свету, якім дадзена глыбока спазнаць сутнасць свайго часу, народа, яго гісторыі і выказаць гэта ў яскравай, толькі ім уласцівай форме.

Янка Купала належыць да тых выдатных асоб, чые творы маюць вечную каштоўнасць, з’яўляюцца класічнымі для нацыянальнай і сусветнай культуры.

 

Матэрыял падрыхтаваны Бібліятэкай БДТУ


Опубликовано: 07.07.2022
Больше по рубрике
Работа с профилем автора на eLIBRARY.RU
25.03.2024
Библиотека поздравляет с праздником и приглашает на виртуальную выставку о женщинах-ученых БГТУ
07.03.2024
Фотовыставка "Цветов причудливые краски" в библиотеке: погружение в мир природы и красоты
07.03.2024
«Роднай моваю замілаванне»
19.02.2024
Российские журналы открытого доступа
16.02.2024
Google Scholar (Академия Гугл)
12.02.2024
Літаратурныя чытанні "Эўрыка! - Адкрываем творчасць Ядвігіна Ш."
09.02.2024
Фотовыставка Николая Николаевича Крука "От Немана до Йеллоустоуна"
26.01.2024
Выставка детских рисунков "Мы рисуем Новый год"
04.12.2023
Тестовый доступ к ЭБС Znanium
28.11.2023