Літаратурны клуб "Ветліца"— з гісторыі стварэння

Літаратурны клуб “Ветліца” быў заснаваны ў 1997 годзе пры кафедры беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта. Кіраўнік “Ветліцы” — Надзея Яўсееўна Савіцкая, старшы выкладчык кафедры беларускай філалогіі, ініцыятар стварэння гімна БДТУ, арганізатар вакальнага ансамбля выкладчыкаў “Акавіта”, укладальнік літаратурна-мастацкага альманаха “AVE” (“Адраджэнне. Вера. Еднасць”).

Сяброў клуба — студэнтаў, аспірантаў, супрацоўнікаў — аб’ядноўвае любоў да літаратурнай творчасці. Дзейнасць “Ветліцы” рознабаковая: знаёмства з аўтарамі і іх творамі, тэматычныя пасяджэнні, абмеркаванне твораў для друку, сустрэчы з літаратарамі і літаратурнымі суполкамі, выступленні на канферэнцыях, сустрэчах, вечарынах, у куратарскіх групах, школах, выпуск насценных газет, выданне літаратурна-мастацкага альманаха і інш. Па выніках дзейнасці клуба выдадзена сем нумароў “AVE”, у якіх надрукаваныя творы звыш 500 аўтараў.

Да ўвагі чытачоў на  старонках часопіса “Маладосць” друкуюцца лепшыя творы ўдзельнікаў “Ветліцы”, якія прадстаўляюць наймаладзейшую беларускую паэзію.

Жанравая разнастайнасць альманаха – вершы, паэмы, апавяданні, эсэ, замалёўкі, эцюды, сачыненні-разважанні, драматычныя творы, пераклады, сцэнарыі, інтэрв’ю, рэпартажы, фотарэпартажы, хроніка, навуковыя і літаратуразнаўчыя артыкулы, радаводы, графіка і жывапіс.

Атрыманы вынікі: 
– выдадзены сем выпускаў літаратурна-мастацкага альманаха “AVE”; 
– падрыхтаваны багаты выставачны матэрыял; 
– лепшыя навукова-творчыя даследаванні былі прадстаўлены на гарадскія і рэспубліканскія конкурсы; 
– лешыя студэнцкія працы адзначаны ўзнагародамі і спецыяльнымі прызамі; 
– праца літаратурнага клуба шырока прадстаўлена ў студэнцкай аўдыторыі на гарадскім і рэспубліканскім узроўнях (установы адукацыі, прадпрыемствы, калгасы, саўгасы, шпіталі, грамадскія арганізацыі).

Сфера выкарыстання: праца літаратурнага клуба “Ветліца” шырока выкарыстоўваецца ў вучэбна-выхаваўчым працэсе (практычныя і лекцыйныя заняткі, куратарскія гадзіны, пасяджэнні літаратурнага клуба, студэнцкія канферэнцыі, выставы, вечарыны, прэзентацыі, сустрэчы і інш.).