Все новости
22.02.2017Культура

Наша мова – цудоўная, спеўная…


Родная мова

Чую ў табе перазвоны крынiцы,

Чую ў табе i раскат навальнiцы,

Чую павевы зялёнага бору,

Водгулле працы ў родным прасторы.

Кожнай драбнiцай ты варта пашаны,

Кожнае слова вякамi стварана

І на вякi жыць застанецца,

Вечнае так, як народнае сэрца.

                                         У. Дубоўка

 

21 лютага ў БДТУ прайшлі святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы. Кафедра беларускай філалогіі сумесна з бібліятэкай БДТУ і дэканатам па рабоце з замежнымі студэнтамі  арганізавала выставу, на якой былі прадстаўлены творчыя работы беларускіх студэнтаў і замежных навучэнцаў, а таксама кнігі беларускіх пісьменнікаў-юбіляраў 2017 года. Асаблівую зацікаўленасць наведвальнікаў выставы выклікалі ілюстрацыі да беларускіх прыказак і прымавак, падрыхтаваныя студэнтамі першага курса факультэта ПіМ.







Сумесна з БРСМ кафедра беларускай філалогіі правяла акцыі “Маё любімае беларускае слова” і “Гавары са мной па-беларуску”. Паводле праведзеных падлікаў, самае любімае беларускае слова студэнтаў і супрацоўнікаў БДТУ – каханне. Таксама ўдзельнікі акцыі многа разоў назвалі такія словы, як сябар, кветкі, хмарачос, журавіны, ажыны.




У акцыі “Гавары са мной па-беларуску” прынялі ўдзел студэнты розных курсаў і спецыяльнасцей. Удзельнікі акцыі, прадэманстраваўшы свае веды роднай мовы, атрымалі ад арганізатараў салодкія пачастункі.   

Кульмінацыяй свята стаў канцэрт “Роднай мовы гук чароўны”, у якім прынялі ўдзел беларускія студэнты, замежныя слухачы і супрацоўнікі ўніверсітэта.

  

Кафедра беларускай філалогіі і дэканат факультэта ПіМ выказвае шчырыя словы падзякі ўсім, хто прыняў непасрэдны ўдзел у арганізацыі святочных мерапрыемстваў: бібліятэцы БДТУ, актывістам БРСМ, дэкану па рабоце з замежнымі студэнтамі, прэс-службе ўніверсітэта.

Вялікі дзякуй і ўсім удзельнікам канцэртнай праграмы!!!


Автор: Администратор
Просмотры: 600
Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter